РЭГІЯНА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя, якое выяўляецца на значнай тэрыторыі (у адрозненне ад лакальнага забруджвання). Пры пэўных умовах можа перарастаць у глабальнае забруджванне. Бывае фіз., хім., біял. і інш. Напр., забруджванне марскіх вод нафтапрадуктамі; унутр. вод у раёнах інтэнсіўнага земляробства — злучэннямі фосфару, азоту; прамысл. высокаразвітых рэгіёнаў — сярністым газам, аксідам азоту, пылам і інш. Р.з. не абмяжоўваецца дзярж. граніцамі: напр., пэўная доза забруджвальнікаў, якія выкідваюцца ў атмасферу прамысл. прадпрыемствамі краін Зах. Еўропы, з паветр. плынямі дасягае тэр. Беларусі; забруджвальнікі, якія трапілі ў рэкі бас. Нёмана і Зах. Дзвіны, аказваюць шкодны экалагічны ўплыў на акваторыю Балтыйскага, а з рэк бас. Прыпяці і Дняпра — Чорнага мора. На Беларусі найб. актуальныя праблемы Р.з. паветра гарадоў, вод, радыеактыўнага забруджвання. У 1990-я найб. высокія ўзроўні Р.з. паветра былі ў гарадах Магілёў, Мазыр, Гродна. У рэках рэгулярна выяўляюцца канцэнтрацыі асобных элементаў, якія перавышаюць гранічна-дапушчальныя канцэнтрацыі. Паводле індэксу забруджанасці вод большая ч. рэк Беларусі належыць да класа «ўмерана забруджаных», меншая — да «чыстых»; рачны створ р. Свіслач ніжэй Мінска аднесены да «забруджаных». Радыеактыўнае Р.з. мясцовасці ахоплівае больш за 22% тэр. Найб. плошчы забруджання радыеактыўнага і паветраных басейнаў гарадоў у Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)